Абрад «Гуканне вясны» правялi ў Лучажэвiчах работнiкi Мазырскага раённага цэнтра культуры i народнай творчасцi | Видео

47

Абрадавыя песні, карагоды, зазыванні, птушкі з цеста – усе гэтыя атрыбуты магічнага дзеяння для таго, каб сонейка стала больш яркім і ласкавым. Зваць вясну дарослым дапамагалі выхаванцы Мазырскага дзіцячага дома і мясцовыя жыхары.

«Любое абрадавае свята – гэта традыцыі нашых продкаў, якія мы ў любым выпадку павінны, калі не выконваць, то шанаваць абавязкова, – сказала дырэктар цэнтра Галіна Астапенка. – Хай і ў вузкім фармаце, але гэтае свята мы вырашылі правесці, каб людзям падняць настрой. Усе стаміліся ад зімы, а вясна ўсё не спяшаецца прыходзіць. Таму мы яе пагукалі весела і яскрава».

Перш-наперш неабходна пачаставаць зямліцу-матухну на багаты ўраджай, на ціхае лета, на буйнае жыта. Потым усе разам дружна заклікалі жаўранкаў, каб яны прыляцелі і вясну прынеслі. Для больш хуткага прыходу вясны ўдзельнікі свята шумна і з качаргой будзілі мядзведзя – адзін з галоўных элементаў абраду.

Вяскоўцы былі надзвычай натхнёныя гэтым святам, а дзеці знаходзіліся пад вялікім уражаннем, бо яны былі непасрэднымі ўдзельнікамі ўсіх абрадавых дзеянняў. А яшчэ для іх работнікі цэнтра культуры арганізавалі гульні, забаўкі і сімвалічныя сувеніры на памяць аб гэтым дні.

«Тут вельмі прыгожа і душэўна, і пануе такая атмасфера, быццам мы сапраўды перамясціліся ў мінулае», – падзяліўся ўражаннямі выхаванец Мазырскага дзіцячага дома Вадзім Грачанок.

Не абышлося і без пачастункаў. Гасцей абрадавага свята частавалі стравамі беларускай кухні: бліны ў асартыменце, дамашняя выпечка, дранікі на калодзе, дамашняе сала і абавязкова уха. Гэтае вясёлае свята прынесла масу пазітыву, сагрэла агеньчыкам усмешак і гарачым духмяным чаем усіх, хто спяваў, танчыў і праганяў прэч халодную зіму.

Гуканне вясны – вясновае свята, старажытны паганскі абрад, звязаны з абуджэннем прыроды, надзей чалавека. Ад вясны ў значнай ступені залежаў дабрабыт селяніна. Яму своечасовае пацяпленне было жыццёва неабходным, каб вясна прыходзіла паступова, зладжана, каб не было вялікіх разбуральных паводак, і каб зямля спаталялася ўдосталь вільгаццю, рыхтавалася да сяўбы. Таму з зазываннем вясны звязана мноства магічных рытуальных дзеянняў, якія суправаджаліся адпаведнымі заклікамі, загаворамі, песнямі, гульнявымі момантамі. Сам абрад набываў утылітарную ролю, станавіўся часткай складанага комплексу падрыхтоўкі будучага ўраджаю.

Больш фота ў альбомах гуртоў МАЗЫР NEWS в ВКонтакте і Одноклассниках

Вольга ЛАСУТА.
Фота аўтара.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: