Каталіцкае пахаванне: што рабіць, калі хтосьці з родных набліжаецца да фізічнай смерці

589

Як правільна арганізаваць каталіцкае пахаванне? Каталіцкі святар адказывае на пытанні мазыран.

Свой погляд на сiтуацыю выказвае ксёндз Януш Чарнамораў:

– Браты і сёстры ў Хрысце! У зямным жыцці рана ці позна чалавек сустракаецца са смерцю кагосьці з блізкіх, родных або знаёмых. Непазбежнасць смерці блізкіх нам асоб часам выклікае неспакой і страх. Як веруючыя ў Бога людзі, мы ведаем, што душа чалавека несмяротная, а фізічная смерць – гэта пераход да новага жыцця. Паколькі не ведаем ні дня, ні гадзіны, таму згодна з напамінам Езуса Хрыста неабходна няспынна духоўна рыхтавацца, каб у хвіліну завяршэння зямнога жыцця мець годнасць увайсці разам са Збаўцам у Нябеснае Валадарства. Бо ўсе мы «з’явімся перад Божым тронам, каб кожны атрымаў згодна з тым, што ён рабіў, жывучы ў целе: добрае ці благое» (пар. 2 Кар 5,10), бо ў канцы свету «тыя, хто чыніў дабро, уваскрэснуць для жыцця, а тыя, хто рабіў зло, уваскрэснуць для асуджэння» (Евангелле паводле Яна 5,29).

Па просьбе мясцовых жыхароў, каталіцкі святар тлумачыць, як дапамагчы паміраючаму чалавеку падрыхтавацца да смерці і як правільна арганізаваць каталіцкае пахаванне.

Духоўнае прыгатаванне

Калі заўважаем, што хтосьці з родных набліжаецца да смерці (хвароба, старасць), неабходна ўпэўніцца ў тым, ці быў гэты чалавек ахрышчаны.

Затым прапанаваць яму скарыстацца з паслугі святара, каб гэты чалавек мог прыступіць да сакрамэнту споведзі і намашчэння хворых, а таксама прыняць святую Камунію (прычасце), а ў выпадку неабходнасці і іншыя сакрамэнты (хрост, канфірмацыю, шлюб). Тыя, хто прыступае да сакрамэнту споведзі, атрымліваюць ад Божай міласэрнасці прабачэнне знявагі, учыненнай Богу праз свае грахі; адначасова прымірэнне з Касцёлам, якому грахом нанеслі рану; дараванне вечнай кары (пекла), якую заслужылі праз смяротныя (цяжкія) грахі; супакой і згоду сумлення, а таксама духоўнае суцяшэнне.

Святое намашчэнне хворых удзяляецца верніку, які апынуўся ў небяспецы смерці з-за хваробы або старасці. Асобам састарэлага ўзросту намашчэнне хворых можна ўдзяляць нават тады, калі яны адчуваюць сябе добра (гэта значыць не маюць смяротнай хваробы), бо сама старасць нясе з сабой небяспеку смерці. Сакрамэнт намашчэння хворых удзяляе асаблівую ласку, якая найбольш глыбока яднае хворага з мукай Хрыста дзеля дабра самога хворага і ўсяго Касцёла, адорвае хворага суцяшэннем, спакоем, мужнасцю, а таксама прабачэннем грахоў, калі хворы не змог прыступіць да споведзі. Гэтае намашчэнне рыхтуе хворага і састарэлага да пераходу з зямнога жыцця ў дом Бога Айца.

Праз прыняцце Святой Камуніі чалавек яднаецца з Хрыстом, які сказаў: “Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў мае жыццё вечнае і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень” (пар. Ян 6,54).

Святары могуць наведваць хворых і састарэлых як у доме, так і ў шпіталі. Калі наступае стан агоніі смерці чалавека, пажадана запаліць каля паміраючага асвечаную (грамнічную) свечку і чытаць адпаведныя малітвы пры канаючым. Таксама можна запрасіць святара, асабліва, калі не паспелі гэтага зрабіць раней.

Арганізацыйныя пытанні

Пры арганізацыю пахавання неабходна патэлефанаваць святару (або наведаць святара) сваёй мясцовасці, каб дамовіцца па ўсіх пытаннях, звязаных з пахаваннем (устанавіць дзень, гадзіну). Паколькі душа памерлага чакае малітвы, неабходна даручыць памерлага Божай Міласэрнасці, каб Бог прабачыў усе грахі і адарыў жыццём вечным.

Недапушчальным з’яўляецца пахаванне памерлага каталіка без удзелу святара.

Вельмі добрым звычаем застаецца трыванне пры труне памерлага (малітва) – аб гэтым таксама варта памятаць пры арганізацыі пахавання. Каля труны памерлага неабходна паставіць крыж і запаліць свечку. Пажадана, каб памерламу ў труну (у рукі) укласці крыжык, ружанец ці абразік. Можна налажыць памерламу на шыю крыжык на цапочцы або нітцы. Калі памерлы жыў у сакрамэнтальным шлюбе (венчаны), можна на палец налажыць пярсцёнак. Непатрэбна ўкладаць у гроб ніякія асабістыя рэчы нябожчыка.

Нельга завешваць люстэркі ў доме памерлага, адключаць гадзіннік, трымаць закрытымі вокны, ставіць алкаголь з кромкай хлеба; кідаць манеты (грошы і іншыя прадметы) ў магілу і іншае – гэта забабоны, якія парушаюць першую Божую запаведзь.

Форма пахавання з удзелам святара можа быць рознай. Калі чалавек на працягу жыцця рэгулярна прыходзіў да касцёла на Літургію, спавядаўся, прымаў святую Камунію, адбываецца малітва святара ў доме памерлага, затым – пахавальная літургія ў касцёле, пасля гэтага – малітва на могілках. У іншых выпадках святар можа правесці малітву ў доме памерлага (або рытуальным зале) і на могілках па просьбе сям’і.

Кожны верны памерлы мае права на касцёльнае пахаванне. Але ў Кодэксе Кананічнага Права Касцёла (кан. 1184) агаворваюцца выпадкі, у якіх святары павінны ў гэтым адмовіць. Да такіх належаць самазабойцы (выключэнне, калі самазабойства з’яўляецца вынікам моцнага стрэсу, дэпрэсіі або іншых псіхічных захворванняў). Таксама адмаўляецца ў пахаванні тых, хто быў неахрышчаны (выключэнне тыя, хто рыхтаваўся да хросту і дзеці, якіх бацькі мелі намер ахрысціць); тых, хто адлучыўся ад Касцёла, прытрымліваўся ерэтычных поглядаў; іншых бязбожнікаў (яўных), пахаванне якіх магло б выклікаць здзіўленне ці абурэнне.

Пасля пахавання сям’я і блізкія, якія прыехалі з розных мясцін, зазвычай збіраюцца за сталом, каб падсілкавацца. Гэта павінна быць не застолле, а можа быць звычайны абед памяці (не памінкі), дзе можна будзе ўспомніць радасныя моманты з жыцця памерлага чалавека. Важнай справай з’яўляецца малітва ў інтэнцыі памерлага на пачатак і заканчэнне абеда памяці. Нельга распіваць спіртныя напоi. На могілках (каля могілак) не можа быць застолляў, а тым больш нельга ўжываць алкаголь і курыць цыгарэты. Могілкі – гэта святое месца, тут трэба ўшаноўваць памяць нашых памерлых.

Варта памятаць пра малітву за памерлага пасля пахавання. У Касцёле існуе прыгожая традыцыя «30-га дня пасля смерці», таму вельмі добра было б, каб усе гэтыя 30 дзён былі напоўнены малітвай за нашых памерлых. Неабходна папрасіць святара цэлебраваць святую Імшу за памерлую асобу ў дзень смерці ці пахавання (асабліва, калі ў дзень пахавання не было пахавальнай Імшы ў касцёле); на “3-ці, 7-ы, 30-ы дзень” пасля смерці; паўгода, год і кожную гадавіну. Малітва за памерлых як праяўленне нашай любові да блізкіх памерлых можа адбывацца заўсёды. Кожны год 2 лістапада ва ўспамін Усіх памерлых у Касцёлах адбываюцца адмысловыя набажэнствы і малітвы за памерлых, можна ў гэты дзень прыносіць выпамінкі за памерлых (запіскі).

Калі сям’я паставіць помнік на магіле памерлага, то крыж, які стаяў на магіле, неабходна змясціць пад помнік, або паставіць каля помніка ці спаліць. Ні ў якім выпадку нельга выкідваць крыж на сметніцу.

Затым неабходна запрасіць святара на могілкі для благаслаўлення помніка.

Куды тэлефанаваць

Каб запрасіць каталіцкага святара да хворага, састарэлага ці паміраючага, або дамовіцца пра пахаванне памерлага, тэлефануйце да святара патрэбнай вам мясцовасці:

+37529-725-01-13 – ксёндз Юрый Варанко, настаяцель у Мазыры і Калінкавічах;

+37533-375-08-12 – ксёндз Януш Чарнамораў, настаяцель у Ельску, Нароўлі і Грушаўцы;

+37529-317-14-86 – ксёндз Яцэк Баровец, настаяцель у Петрыкаве, Капаткевічах, Бынёве;

+37533-659-77-88 – ксёндз Віталій Мысонаў, настаяцель у Лельчыцах.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: