Бываюць у нашым жыцці людзі, якіх можна параўнаць з эпохай. Праз іх жыццё, лёс праходзяць усе перамены, падзеі, як добрыя, так і не вельмі трагічныя. Такія людзі нараджаюцца для таго, каб ствараць гісторыю, працягваць жыццё на зямлі, несці на сваіх плячах цяжкія выпрабаванні.
Бацькоўская навука
З нашых землякоў, каго закранула Вялікая Айчынная вайна, хочацца ўспомніць Дашкевіча Сямёна Сцяпанавіча і па праву прызнаць яго заслугі. Гэты чалавек усім сваім жыццём даказаў, што служэнне Айчыне – самае дарагое, неабходнае, што можа быць у жыцці сапраўднага чалавека.
У далёкім 1919 г. ў сям’і простага селяніна Сцяпана Фядосавіча Дашкевіча ў вёсцы Белая Мазырскага раёна нарадзіўся хлопчык, якога назвалі Сямёнам. У сям’і было яшчэ трое дзяцей, дзяўчатак. Сям’я была працавітая, жылі са сваёй працы, як кажуць у нас, «з мазаля». Бацька быў добрым сем’янінам, дзеці прывучаліся да працы з дзяцінства, а яе, гэтай працы, у сялянскай гаспадарцы хапала. Акрамя таго, дзеці ведалі, што такое лес, дзе здабыць рыбу, а сын Сямён дзякуючы бацьку стаў добрым паляўнічым.
У той жа час бацька разумеў, што ўжо прыйшоў час іншых людзей, вучоных, адукаваных. Усе ўмовы для вучобы, атрымання прафесіі былі. З чацвярых дзяцей без адукацыі не застаўся ніхто: дочкі Раіна і Вольга сталі медсёстрамі, а сын Сямён і дачка Паша – настаўнікамі. У той час гэта быў небывалы бацькоўскі подзвіг – вывучыць усіх дзяцей, даць ім пуцёўку ў жыццё, выхаваць сапраўднымі савецкімі грамадзянамі.
Сын – гэта гонар кожнага бацькі, яго працяг, яго надзеі. Сапраўдным сынам, клапатлівым братам быў Сямён Сцяпанавіч Дашкевіч. Не падвёў свайго бацьку, нідзе не запляміў сваю сям’ю. Зараз прыйшоў час расказаць аб гэтым чалавеку больш падрабязна.
Смерць шпіёнам!
Пасля заканчэння 3 класа ў Слабадзе Сямён паступіў у 1934 г. у Мазырскае педагагічнае вучылішча, якое скончыў у 1937 г. Тры гады працаваў у школах Петрыкаўскага і Мазырскага раёнаў.
Потым вырашыў звязаць свой лёс з арміяй і паступіў у Мазырскую пяхотную школу. Пасля было Мінскае пяхотнае вучылішча, вучоба ў якім наблізіла мару Сямёна стаць афіцэрам. Заўважылі старанне хлопца камандзіры, яго жаданне быць больш граматным. Атрымаў Сямён Сцяпанавіч накіраванне ў школу КДБ у Ленінградзе, паехаў туды вучыцца.
Пачалася фінская вайна 1939–1940 гг. Не скончыўшы навучання, малады хлопец адпраўляецца на фронт. Служба была такая: выяўляць і выкрываць шпіёнаў. Служыў на Карэльскім перашыйку, потым і ў Ленінградзе. Там атрымаў сваю першую дзяржаўную ўзнагароду – медаль за абарону Савецкага Запаляр’я. Баявы шлях афіцэра толькі пачынаецца, узнагарод за храбрасць, за заслугі перад Радзімай будзе наперадзе шмат. Многа будзе і гора, раненняў, таго, што складае службу афіцэра. Перад самай Вялікай Айчыннай вайной Сямён Сцяпанавіч становіцца лейтэнантам войск народнага камiсарыяту ўнутраных спраў (НКУС).
Пачатак Вялікай Айчыннай вайны паклаў канец мірнаму жыццю нашага народа. Вайна застала Сямёна Дашкевіча ў Ленінградзе. Маладога афіцэра адправілі на службу ў аддзел КДБ «СМЕРШ». Усю блакаду прабыў Сямён Сцяпанавіч у адрэзаным ад краіны горадзе, бачыў голад, смерць, бамбёжкі. Працаваў над выяўленнем ворагаў, якiя імкнуліся нашкодзіць абароне Ленінграда. Выходзячы ў горад, малады афіцэр бачыў, як страшна было навокал: голад, холад, памерлыя людзі, якіх цягнуць на санках пахаваць, 125 грамаў блакаднага хлеба…
З успамінаў дачкі Ларысы Сямёнаўны: «Каля фантана на вуліцы часта сядзела старэнькая бабуля, якая ўжо нічога і не прасіла, – усе аднолькава галадалі. Збіраў Сямён Дашкевіч са свайго афіцэрскага пайка хлеб, прасіў саслужыўцаў таксама аддаваць хлеб і што было з прадуктаў, прыносіў старой жанчыне, аддаваў яе ўнукам. Там і пачуў упершыню ад яе «Спасі Бог» замест прывычнага «дзякую». Усё сваё жыцце потым ён так гаварыў. Магчыма, і выжыў дзякуючы малітвам удзячнай бабулі.
Пры прарыве блакады быў цяжка паранены, асколкі міны прайшлі праз руку, папалі ў грудзі і лёгкія. З гэтым асколкам, які закапсуліраваўся ў лёгкім, Сямён Сцяпанавіч пражыў усё жыццё. З тканак пляча доўгія гады выходзілі дробныя асколачкі. Такая памяць аб вайне. Знаходзячыся на лячэнні ў шпіталі ў Ленінградзе, працягваў служыць Айчыне – выкрыў нямецкага шпіёна, ворага народа.
Напамінкам аб вайне сталі дзяржаўныя ўзнагароды: ордэн Айчыннай вайны II ступені, медалі «За абарону Ленінграда», «За вызваленне Варшавы», «За перамогу над Германіяй».
Вялікая змена
У 1946 годзе пасля працяглага знаходжання ў шпіталі ў сувязі з сур’ёзным раненнем Сямён Дашкевіч дэмабілізаваўся з радоў Савецкай арміі, вярнуўся дадому ў вёску Белая.
Пачаў працаваць па сваёй першай спецыяльнасці – настаўнікам. Паступіў у Мазырскі педінстытут, атрымаў вышэйшую адукацыю. А з 1946-га па 1956 г. працаваў дырэктарам Бельскай школы. Школа пасля вызвалення вёскі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў мела непрыглядны стан: у будынку старой карчмы (там да вайны была школа) фашысты наладзілі канюшню для сваіх коней, памяшканне стала непрыгодным для заняткаў з дзецьмі. Спачатку ўрокі праводзіліся ў доме пасобніка акупантаў Кузьменка, які ўцёк услед за немцамі. Потым школу пабудавалі на вуліцы Першамайскай. Будынак быў не надта прасторны, таму заняткі праводзіліся ў дзве змены. Малады дырэктар, былы франтавік па-ваеннаму ўпэўнена выконваў свае абавязкі.
Не доўга выбіраў для сябе Сямён Сцяпанавіч жонку: убачыў у аддзеле адукацыі маладога інспектара Наталлю Аляксандраўну Прусс і закахаўся. Самастойная, адказная, прыгожая. Што яшчэ патрэбна для будаўніцтва сям’і? Аб моцных пачуццях не гаварылі, больш думалі, як паставіць свой дом, выгадаваць добрых дзяцей, стаць прыкладам не толькі сваім дзецям, але і вучням у школе, аднавяскоўцам. Настаўнік на сяле – гэта больш чым настаўнік: гэта дарадца, прыклад для ўсіх. Маладая сям’я жыла па прынцыпах «настаўнік заўсёды на віду» і «хто, калі не я?».
Аб тых цяжкіх гадах сам Сямён Сцяпанавіч расказваў сваім дзецям.
З успамінаў дачкі Ларысы Сямёнаўны: «Бацька расказваў, што пасля вайны настаўнікі атрымлівалі прадуктовыя карткі, а пакольку бацькі працавалі ў дзве змены, картак было чатыры. Жылі тады насупраць школы па вуліцы Першамайскай у дзедавай хаце. Фашысты ў час акупацыі спалілі ў вёсцы 23 хаты, таму ў той час у доме жылі па некалькі сем’яў. Наша сям’я таксама пражывала ў цеснаце з усімі бацькавымі сёстрамі і дзядулем з бабуляй. Карткі кармілі ўсю вялікую радню. І нават калі бацькі пабудавалі свой дом у 1947 годзе і перайшлі туды, дзве карткі засталіся ў сям’і дзеда, бо трэба было падтрымаць сваіх родзічаў. Вось так быў выхаваны мой бацька: перш за ўсё – клопат аб сям’і».
Асабісты прыклад
Першымі ў сям’і нарадзіліся два браты Ларысы Сямёнаўны – Фёдар і Аляксандр. Потым – доўгачаканая дзяўчынка, маміна радасць.
Сямён Сцяпанавіч быў вельмі строгім, выхоўваў сыноў па-ваеннаму. Ніколі не крычаў на іх, тым больш не біў, але аўтарытэт бацькі ў сям’і быў вялікім. Патрабаваў акуратнасці ў адзенні, чыстым абутку – і сам быў прыкладам. Ваенная выпраўка і самадысцыпліна – рысы характару Сямёна Сцяпанавіча, гэтага патрабаваў і ад дзяцей. Гэта дало свой вынік: Фёдар і Аляксандр выраслі сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны, атрымалі адукацыю. Дачка Ларыса стала медыцынскім работнікам, усё жыццё дапамагала людзям.
З успамінаў Ларысы Сямёнаўны: «Памятаю бацьку як вельмі ахайнага чалавека. Кіцель (ён доўга яго насіў) заўсёды адпрасаваны, боты начышчаны да бляску, сам ніколі не быў непаголеным або нястрыжаным. Таго ж патрабаваў і ад дзяцей, сваіх і чужых. Знешняя ахайнасць выпрацоўвала ўнутраную дысцыпліну. У сям’і абавязкі па выхаванні былі размеркаваны: бацька займаўся сынамі, а маці – дачкой. Памятаецца яшчэ з дзяцінства, што бацька заўсёды нешта здабываў: рыбу, грыбы, дзічыну».
Праца дырэктарам школы, затым настаўнікам гісторыі і геаграфіі дазволіла Сямёну Сцяпанавічу выхаваць не адно пакаленне вучняў, прывіць ім такія рысы характару, як сумленнасць, адказнасць, прыстойнасць, акуратнасць.
Мы памятаем
З архіўных дакументаў: «Даклад начальніка Мазырскага РАА па выніках 1950/1951 навучальнага года: «С. С. Дашкевіч праводзіць урокі цікава, з улікам полу і узросту навучэнцаў, згодна патрабаванняў навучальных праграм».
За гэтымі сухімі словамі хаваецца вялікая работа педагога. Урокі гісторыі і геаграфіі запомніліся многім вучням расказамі настаўніка аб Вялікай Айчыннай вайне, аб блакадзе Ленінграда. Напэўна, запомніліся таксама і паходы, якія арганізоўваў і праводзіў Сямён Сцяпанавіч. Не адзін хлапчук выбраў прафесію веннага дзякуючы настаўніку-франтавіку, яго прыкладу. Пасля сувязь са сваімі вучнямі Сямён Сцяпанавіч падтрымліваў усё жыццё – сустракаліся, размаўлялі, расказвалі аб сваіх поспехах і няўдачах. Атрымлівалі адабрэнне, параду, жыццёвую падказку. Асабліва выдзяляў тых, хто стаў ваенным. Такія сустрэчы працягваліся далёка за поўнач.
Быў Сямён Сцяпанавіч апорай для сваёй сям’і да канца жыцця. Памятаў, што ў сваіх сясцёр ён адзіны брат, мужчына, абаронца.
Памёр Сямён Сцяпанавіч Дашкевіч 20 студзеня 1993 года, пахаваны на могілках у роднай вёсцы Белая. Да яго на магілу прыходзяць не толькі родныя, але і вучні, тыя, у сэрцах якіх Настаўнік пакінуў добры след.
Памяць аб воіну, абаронцу Радзімы ўвекавечана ў Зале Воінскай Славы супрацоўнікаў органаў дзяржбяспекі ў Галоўным Ваенным храме Расійскай Федэрацыі ў горадзе Маскве.
Наталля ПАБОКАВА,
бібліятэкар Бельскай
сельскай бібліятэкі.