Жыцце Палесся

Мазыране прынялі ўдзел у самым народным фестывалі гэтага лета «Клiч Палесся» ў Ляскавічах

Паводле некаторых звестак, на міжнародны фестываль этнакультурных традыцый «Кліч Палесся» адгукнуліся больш за 40 тысяч чалавек. Форум стаў добрай сустрэчай сяброў, блізкіх па духу і культурных традыцыях.

Палешукі традыцыйна ва ўсёй красе прадэманстравалі тое, чым так ганарацца на іх зямлі. У «Музеі пад адкрытым небам» разгарнулася неймаверная колькасць лакацый, народныя ўмельцы прэзентавалі свае рамёствы: ганчарства, лозапляценне, роспіс і разьба па дрэве, выцінанкі, ткацтва. Як жа гэта прыгожа! Выставы, майстар-класы, дэгустацыі і, як ужо не раз мы адзначалі, фішка гэтага фестывальнага года – абрадавая тэатралізацыя. Было што ўбачыць і, вядома ж, паспрабаваць.

Прывітанне арганізатарам і ўдзельнікам накіраваў Прэзідэнт Беларусі. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэты самабытны фальклорны форум стаў значнай падзеяй у культурным жыцці краіны. Ён беражліва захоўвае спадчыну продкаў, далучае да каштоўнага нацыянальнага здабытку і садзейнічае ўмацаванню добрасуседскіх сувязяў і дружбы.

Дарэчы, упершыню «Кліч Палесся» правялі 14 гадоў таму. Ініцыятарам выступіў Сцяпан Бамбіза, у той час генеральны дырэктар Нацыянальнага парку «Прыпяцкі». Падтрымаў ідэю Кіраўнік дзяржавы. Неабходна было захаваць і даць новае жыццё ўнікальным традыцыям і звычаям палешукоў. І даручэнне выканалі – фэст стаў любімым месцам сустрэчы артыстаў, рамеснікаў і мноства таленавітых людзей, якія прыязджаюць здалёк дзеля зусім асаблівай атмасферы. Акрамя таго, «Кліч Палесся» стаў лагічным працягам рэалізацыі Дзяржпраграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся на 2010–2015 гады. Яна, нагадаем, ахоплівала Столінскі, Лунінецкі, Пінскі раёны Брэсцкай вобласці і Нараўлянскі, Петрыкаўскі, Жыткавіцкі, Мазырскі Гомельскай.

На цырымоніі ўрачыстага адкрыцця фестывалю намеснік Прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка ўручыў ганаровыя званні «Ганаровы паляшук». Іх удастоены людзі, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё Палескага краю. У ганаровым спісе – намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль Сівак. Ён наш зямляк, нарадзіўся ў Нараўлянскім раёне.

Пасля на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы форуму адбыўся канцэрт, у аснове канцэпцыі – нацыянальны каляндарна-абрадавы цыкл святаў, якія традыцыйна адзначаюцца на Гомельшчыне. Яго галоўны вобраз – кола жыцця – метафарычна прадставiлi ў форме чатырох пар года. Арганізатары фестывалю падкрэслівалі: падыход да фестывалю сёлета нестандартны: галоўнае – гэта не сцэна і не артысты, а падворкі, якія прадставілі 12 рэгіёнаў Прыпяцкага Палесся. Іх усіх аб’ядноўвала агульная тэма «Беларускi год – святаў карагод».

Творчае заданне для мазыран – прадставіць калядны падворак, які першым, дарэчы, сустрэў гасцей ля галоўнай сцэны. Для аднаўлення атмасферы абраду «Каляды» нават пабудавалі цэлы «хутар». Цэнтр падворка ўпрыгожыла ёлка, убраная абаранкамі, цукеркамі, цацкамі. А пэўную драматургію казачнаму дзеянню надаў «снег», для гэтага выкарыстоўвалі генератар. У кожнай нашай хаце – свае сюрпрызы. У першай – калядныя пачастункі, у другой госці маглі ацаніць талент мазырскіх умельцаў і навучыцца рабіць абярэгі з саломы, а ў трэцяй – набыць на памяць сувенір ад Мазырскай фабрыкі мастацкіх вырабаў. Антураж святу дадалі галоўныя калядныя персанажы Каза і Мядзведзь. А яшчэ на нашым падворку была самая шыкоўная фотазона: ёлка ў жніўні – гэта вельмі незвычайна!

Не менш цікавыя задумкі былі ў прадстаўнікоў іншых раёнаў. Лельчыцкі раён, да прыкладу, паказаў сутнасць прыгожага абраду «Чырачка». Як жанілі комін і навошта гэта рабілі, распавялі на жыткавіцкім падворку. Сваю этнаграфічную жамчужыну-старадаўні абрад «Праводзіны русалкі» прадставіў Хойніцкі раён. Цікава, што ў 2016 годзе ён атрымаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі.

Фестываль стаў цудоўнай магчымасцю дакрануцца да спрадвечна беларускага. На пляцоўцы «Рамесная слабада» мазыранка Галіна Дзікан паказвала ўсім жадаючым, як ткаць габелен. Наш майстар, дарэчы, дасканала валодае яшчэ і вышыўкай, займаецца бісерапляценнем і працуе з саломкай. У прыярытэце – нацыянальныя сімвалы і ўзоры.

Мазырскія артысты сталі асаблівым упрыгожваннем свята. Нікога не пакінула абыякавым выступленне на фальклорнай пляцоўцы народнага ансамбля «Радуніца». У складзе калектыву – вопытныя і маладыя, але ўсе таленавітыя і адданыя мастацтву музыканты, якія выступаюць за папулярызацыю нацыянальнай культуры. На фестывалі «Кліч Палесся» таксама выбіралі самую прыгожую дзяўчыну рэгіёну. Нагадаем, за тытул змагаліся 13 прыгажунь з Гомельскай і Брэсцкай абласцей, якія прайшлі строгі конкурсны адбор. Пераможца мінулага конкурсу мазыранка Валерыя Яраш карону перадала дзяўчыне з Пінскага раёна.

Яшчэ адзін прыемны момант: на прыканцы свята на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы «Клiча Палесся» старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко ўручыў кіраўніку Мазырскага раёна Алене Паўлечцы дыплом за захаванне і папулярызацыю каляндарна-абрадавай культуры. У нас і праўда гэтая праца арганізавана на самым высокім узроўні!

Вольга АРДАШАВА.
Фота Сяргея ШАПАВАЛАВА.

Exit mobile version