Жыцце Палесся

«Этна» – гэта модна! Мазырская фабрыка мастацкiх вырабаў славiцца народнымi традыцыямi

Кожны з 12 раёнаў Прыпяцкага Палесся на самабытным VIII Міжнародным фестывалі этнакультурных традыцый «Кліч Палесся» абяцае здзівіць гасцей унікальнай праграмай з акцэнтам на аўтэнтычныя традыцыі і промыслы свайго краю.

Традыцыйна ў прэзентацыях маштабнага і каларытнага форуму прымуць удзел творчыя калектывы, майстры і рамеснікі з васьмі раёнаў Гомельскай вобласці і чатырох – Брэсцкай. Прадставіць сваю эксклюзіўную прадукцыю і Мазырская фабрыка мастацкіх вырабаў.

У адрозненнi ад многіх прамысловых керамічных прадпрыемстваў выраб, тыражаванне глінянай прадукцыі адбываецца ў Мазыры ўручную: вазы, посуд у выглядзе жывёл, збаны, гурткі, падсвечнікі, кашпо, медалі, фігуркі, адлітыя ў гіпсавых формах, дапрацоўваюцца рукамi, іх упрыгожваюць фігурнымі дэталямі, налепамi. I тады гліна ажывае ў руках майстроў: фігуркі ў іх умелых руках набываюць непаўторныя вобразы і нават характар палешука.

Мазырская кераміка сёння – гэта сплаў традыцый народнай творчасці, дасягненняў сучаснага дэкаратыўнапрыкладнога мастацтва і індывідуальнага ўкладу мастакоў.

«Лічу, што гэты здабытак нашай рэспублікі трэба асабліва берагчы і падтрымліваць. У вырабах этнаграфічна дакладна перададзены асаблівасці нацыянальнага касцюма, беларускага народнага побыту і звычаяў. Вядома, для гэтага патрабуюцца не толькі вялікі талент, але і пачуццё глыбокага патрыятызму і жаданне развіваць народныя промыслы. Добра, што ўсё гэта ўдала спалучаецца ў маіх калегах, як самых дасведчаных, так і ў моладзі, – дзеліцца сваімі думкамі дырэктар фабрыкі Святлана Новікава. – Усяго ў нас працуе 70 чалавек. Сёлета зноў папаўненне маладых спецыялістаў: 3 чалавекі будуць працаваць з лазой, 2 – з глінай. Усе ў нас, можна сказаць, адзінкавыя спецыялісты».

Удзельнічаць у міжнародным фэстывалі этнакультурных традыцый для мазыран вельмі ганарова.

«Мы стараемся не прапусціць ні адно такое мерапрыемства. Бо гэта, па-першае, цудоўная магчымасць прэзентаваць свой патэнцыял, прапанаваць гасцям свята нашы сувеніры. А па-другое, гэта вельмі цікава – быць у цэнтры такога дзейства, яго мы чакалi! – кажа Святлана Новікава. – Мы выкарыстоўвалі галоўны сімвал фестывалю «Кліч Палесся» (бусел) амаль што ва ўсёй новай прадукцыі. Падрыхтавалі магніты з кодавымі нацыянальнымі арнаментамі, якія абазначаюць шчасце, багацце, здароўе. Прывязем на петрыкаўскую зямлю таксама свістулькі, пано, гумарныя фігуркі палешукоў, падсвечнікі і скарбонкі – кераміка парадуе. Адзначу, што наша прадукцыя экалагічна чыстая. Гэта духоўнае, ідэйнае ўпрыгожванне дома. Раю прыглядзецца і да нашых лазовых вырабаў – такіх ні на адной фабрыцы вы не ўбачыце. Мы адзіныя ў рэспубліцы, хто працуе з такой дробнай лазой у прамысловых маштабах (астатнія – з больш грубым вербалозам). Магу канстатаваць асаблівую папулярнасць кошыкаў, хлебніц, падносаў і іншых вырабаў бытавога прызначэння. Яны разнастайныя па памеры і формах, але заўсёды хупавыя. Многае з іх мы таксама возьмем з сабой у Ляскавічы».

Адкрыем маленькі вытворчы сакрэт: магчыма хуткае з’яўленне і незвычайных жаночых сумачак з лазы. Іх вытворчасць будзе абмежавана – так што спяшайцеся назіраць і прымераць.

Цікавы факт: амаль 70 адсоткаў ва ўдзельнай вазе ў вытворчасці – пашыў. Спецыялісты фабрыкі адшываюць спецвопратку, таксама па індывідуальнай замове пасцельную бялізну, сталовыя і чайныя камплекты. Усе яны могуць прэтэндаваць на эксклюзіў: на фабрыцы ёсць магчымасць нанесці вышыўку, што надае вырабу асаблівае хараство. Россып васількоў або аўтэнтычны беларускі арнамент з закадаванымі пажаданнямі на апрацаваным ільне – гэта цудоўна!

Хто не бываў у сувенірнай краме на вул. Ленінскай, дзе прадстаўлена ўся прадукцыі Мазырскай фабрыкі мастацкіх вырабаў і дзяржаўнага вытворча-гандлёвага аб’яднання «Белмастацпромыслы», – абавязкова зайдзіце! Вас чакае народны сувенір.

Вольга АРДАШАВА.
Фота Сяргея Шапавалава.

Exit mobile version