Дарагія браты і сёстры! Паважаныя жыхары Мазыра!
Надышоў дзень, калі мы адзначаем свята Божага Нараджэння, успамін той ночы, калі на свет у Бэтлеемскім хлеве нарадзілася дзіця. А гэтым дзіцём быў Езус Хрыстус – Сын Божы, якога шмат стагоддзяў чакалі людзі, каб Ён прыйшоў і збавіў свет ад граху. «Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае». (Ян 3, 16). Гэта цудоўны знак любові Бога да кожнага чалавека і Яго жадання быць блізка, асабліва таго, хто перажывае цяжкія моманты ў сваім жыцці.
Я хачу пажадаць усім вам таго, што з’яўляецца найважнейшым у жыцці хрысціяніна: моцнай і глыбокай веры. Пажадаць, каб Бог стаў самым галоўным у нашым жыцці, каб мы палюбілі Яго па-над усё і каб мы былі тымі, хто з ахвотаю слухае Яго і імкнецца выконваць Яго словы. Гэта рэцэпт сапраўднага шчасця, якога мы так моцна прагнем і шукаем. Няхай гэтае Божае Нараджэнне стане для нас магчымасцю з дабрынёй і ўдзячнасцю паглядзець на людзей, сярод якіх мы жывём, падзяліцца з іншымі надзеяй і блізкасцю, як Бог падзяліўся з намі сваім Сынам.
Сёстры і браты, жадаю вам блаславёных і поўных спакою святаў Божага Нараджэння, а Новы год няхай прынясе вам пачуццё бяспекі і ўпэўненасць у тым, што Божая любоў суправаджае ўсіх, хто ёй давярае.
Ксендз Юрый ВАРАНКО,
пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Мазыры.