З гэтага года на Гомельшчыне раённыя фестывалі працаўнікоў вёскі «Дажынкі» будуць праходзіць у аграгарадках з улікам напрацаванай у рэгіёне практыкі комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў. З такой прапановай выступіў дэпутацкі корпус вобласці, піша zviazda.by.
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне фактычна дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна. Мэта — максімальна добраўпарадкаваць тэрыторыю, рэканструяваць ці пабудаваць новыя сацыяльна значныя аб’екты, вывесці на новы ўзровень інфраструктуру населеных пунктаў. Асаблівая ўвага — стану інжынерных камунікацый, дарожнай інфраструктуры, жыллёвага фонду, устаноў адукацыі, аховы здароўя, культуры, бытавога абслугоўвання, сувязі, аб’ектаў гандлю.
— У Гомельскай вобласці добраўпарадкаванне тэрыторый знаходзіцца на пастаянным кантролі органаў кіравання і самакіравання ўсіх узроўняў, бо парадак на зямлі — гэта пастаянная і штодзённая праца, — пераканана член Савета Рэспублікі, старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч. — На сесіі абласнога Савета дэпутацкі корпус выказаў сваю прапанову аб правядзенні раённых фестываляў «Дажынкі» з 2025 года ў аграгарадках з улікам напрацаванай практыкі комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў. Раёнам дадзена даручэнне да 1 лютага падрыхтаваць планы добраўпарадкавання кожнага населенага пункта.
Як падкрэсліла сенатар, для Гомельшчыны значны фактар паспяховасці добраўпарадкавання на месцах — заахвочванне мясцовых жыхароў. Ініцыятывы па паляпшэнні якасці жыцця людзей, навядзенні парадку ў населеных пунктах і ўвогуле развіццё патэнцыялу той ці іншай тэрыторыі актыўна падтрымлівае дэпутацкі корпус Гомельшчыны. У мінулым годзе Гомельскі абласны Савет дэпутатаў накіраваў у абласную асацыяцыю мясцовых Саветаў дэпутатаў 111 заявак для ўдзелу ў конкурсным адборы грамадзянскіх ініцыятыў. Пераможцамі было прызнана 25 праектаў рознай тэматыкі з усіх рэгіёнаў вобласці. Чарговы конкурсны адбор праектаў грамадзянскіх ініцыятыў жыхароў Гомельшчыны адбудзецца ўжо на гэтым тыдні — 17 студзеня.
Старшыня абласнога Савета дэпутатаў звярнула ўвагу, што ў канцы мінулага года па даручэнні старшыні Гомельскага аблвыканкама Івана Крупко прайшла суцэльная інвентарызацыя тэрыторый з мэтай выяўлення аб’ектаў, што не выкарыстоўваюцца, усіх форм уласнасці, у тым ліку жыллёвага фонду.
— У гэтай рабоце быў задзейнічаны дэпутацкі корпус першаснага ўзроўню — нашы асноўныя памочнікі на месцах, якія валодаюць поўнай і дакладнай інфармацыяй аб стане спраў на іх тэрыторыях, — падкрэсліла Кацярына Зенкевіч. — Цяпер праводзіцца аналіз атрыманых даных, адносна кожнага аб’екта вызначаецца план дзеянняў, і на працягу бягучага года будуць прыняты меры.
На кантролі дэпутатаў Гомельшчыны застаецца павышэнне эфектыўнасці выкарыстання нерухомай маёмасці і ўключэнне яе ў гаспадарчы абарот. За 11 месяцаў мінулага года ў сельскіх населеных пунктах рэгіёна больш за 140 домаўладанняў набылі новых гаспадароў, было добраўрападкавана больш за 420 пустых дамоў, больш за 900 закінутых дамоў знесена, а гэта ў тым ліку клопат аб бяспецы грамадзян у населеных пунктах.
Заўважны плён ад рэалізацыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 сакавіка 2021 года № 116 «Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустымі дамамі», якім значна спрошчаны парадак адчужэння пустых домаўладанняў. І як вынік, у вобласці штогод рэалізуецца ў сярэднім больш за 140 дамоў пры ранейшым паказчыку каля дзесяці.
— Тым не менш у гэтай рабоце яшчэ ёсць рэзервы, важна актывізаваць работу па рэалізацыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 116, — звярнула ўвагу сенатар. — На тэрыторыі вобласці для выканання даручэння кіраўніка дзяржавы фарміруецца праграмны комплекс мер па ўключэнні ў гаспадарчы абарот зямель, якія не выкарыстоўваюцца: сельгасарганізацый, зямельных участкаў у населеных пунктах, скарачэнні пустых дамоў. Галоўная задача — навядзенне парадку ў цэлым, у тым ліку на ўчастках дамоў, што маюць прыкметы пустых і якія часта з’яўляюцца аб’ектамі сельгасарганізацый, ЖКГ і іншых галін. Работа з кожным аб’ектам, які мае прыкметы пустога, а таксама па кожным вызваленым зямельным участку павінна знаходзіцца на кантролі да поўнага добраўпарадкавання, — падкрэсліла Кацярына Зенкевіч.