Канстанцін Карнялюк: «Гэта дапаможа змагацца з хлуснёй»

65

Хочашь ведаць праўду пра Вялiкую Айчынную вайну? Чытай першакрынiцу.

Нядаўна мы ўрачыста адзначалі 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У гарадах, пасёлках Бацькаўшчыны прайшлі незабыўныя мерапрыемствы, у навучальных і культурных установах адбыліся адметныя праекты, выклікалі рэзананс змястоўныя дыялогавыя пляцоўкі, адкрыліся новыя мемарыялы. Хутка мы адзначым 80-годдзе Перамогі. Аднак мяне засмучае, што сёння ў свеце вандалы руйнуюць помнікі былой вайны, робяць шматлікія спробы перапісаць гісторыю Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, а ворагі імкнуцца адабраць у нас наогул саму Перамогу, развязаць трэцюю сусветную.

На планеце разгарнулася так званая гібрыдная вайна, актыўным прапагандыстам і памагатым якой, на жаль, стаў інтэрнэт – ім карыстаецца шмат людзей. Тут пра гісторыю рэдка знойдзеш праўду – адны толькі фэйкі. Многае з апублікаванага так і хочацца пазначыць словамі «Чытаць забаронена».

Добра ўсё ж, што з фэйкамі можна змагацца. Сучаснікі праўду пра вайну могуць чэрпаць з друкаваных, вывераных, адрэдактаваных крыніц, якіх за дзесяцігоддзі СССР было выдадзена шмат. І сёння яны, як і раней, чакаюць сваіх чытачоў у бібліятэках. Многія храмы кнігі проста стаміліся без разумных, мудрых чытачоў-наведвальнікаў.

Нельга адразу не сказаць пра хронікі-энцыклапедыі «Памяць» раёнаў і гарадоў Беларусі, якія выдаваліся з 1985-га па 2015 гады. Ідэя выдання належала Пятру Машэраву і Алесю Петрашкевічу. Летапіс гэты быў распачаты гісторыяй Шумілінскага раёна ў 1985-м годзе.

Цэнтральнае месца ў кнігах «Памяць» было адведзена Вялікай Айчыннай. Каштоўна, што тут змешчаны спісы воінаў Чырвонай арміi, якiя загінулі ў час абароны і вызвалення раёна (горада) і пахаваны на яго тэрыторыі, а таксама загінуўшых ці прапаўшых без вестак воінаў-землякоў, партызан, падпольшчыкаў, удзельнікаў антыфашысцкага руху.

Менавіта са старонак гэтых кніг-рэквіемаў пакаленні, якія нарадзілiся ў апошнія дзесяцігоддзі, могуць даведацца пра подзвіг савецкіх салдат, мужнасць працаўнікоў тылу, усяго савецкага народа і пераняць эстафету памяці, стойкасці і гераізму продкаў, іх сапраўднай любові да сваёй Айчыны.

Як казаў Васіль Быкаў, «порахам чалавека не выхаваеш», яго можна выхаваць добрай, праўдзівай літаратурай.

Цэлая кагорта пісьменнікаў на сабе зведала цяжкасцi франтавых дарог. Яны змагаліся не толькі зброяй, але і палымяным словам. Гэта Аркадзь Куляшоў, Пятрусь Броўка, Мікола Ткачоў, Іван Шамякін, Іван Навуменка, Іван Мележ, Васіль Быкаў, Леанід Гаўрылаў, Мікола Грынчык, Міхась Даніленка, Кастусь Кірэенка, Паўлюк Прануза, Мікола Сурначоў, Алесь Адамовіч і іншыя. Яны прайшлі вайну самі, бачылі баі на свае вочы і праўду здолелі захаваць для нашчадкаў.

«Вайна закрывае ўсе далягляды», – сцвяржаў Іван Мележ. Менавіта беларуская літаратура здолела адкрыць свету найбольшую колькасць трагічных і гераічных старонак ваеннай гісторыі.

У ХХІ стагоддзі ваенная тэма застаецца адной з самых запатрабаваных і актуальных. Мы даведваемся ад творцаў розных пакаленняў, што вайна бывае пераможная, маштабная, эпахальная, вайна народаў, франтоў, вайна партызанская. Нельга без хвалявання чытаць такія творы, як «Векапомныя дні» Міхася Лынькова, «Згуртаванасць» Міколы Ткачова, «Брэсцкая крэпасць» Кастуся Губарэвіча, «Канстанцін Заслонаў» Аркадзя Маўзона, «Мінскі напрамак» Івана Мележа. Нельга не адзначыць і стрыжнявое значэнне раманаў «Пошукі будучыні» і «Млечны шлях» Кузьмы Чорнага (вяршыннае дасягненне ваеннай прозы), якія дайшлі да чытача толькі пасля вайны.

Ваенныя летапісцы паказваюць жорсткасць, бесчалавечнасць вайны, чалавечыя пакуты, бязлітасныя карціны вынішчэння ўсяго жывога на зямлі, вытручвання з душ аптымістычных пачуццяў. Пісьменнікі «ваеннага пакалення» не толькі перанеслі ў творы ўласны вопыт, але і дапамаглі ўбачыць пагрозу, якую неслі ўсім нацыям фашызм, вайна. І для пераможцаў, і для пераможаных.
Па-новаму загучала ваенная тэма ў «франтавых» і «партызанскіх» аповесцях Васіля Быкава, які адстойваў права гаварыць пра гераізм простага салдата, на плечы якога і лёг асноўны цяжар тых 1418 дзён і начэй. Аўтар скрупулёзна даследаваў паводзіны салдата ў экстрэмальных умовах, магчымасці выбару і чалавечага духу. «Чалавек на вайне» – асноўны лейтматыў Васіля Быкава. «Жураўліны крык», «Трэцяя ракета», «Альпійская балада», «Сотнікаў», «Пайсці і не вярнуцца», «Знак бяды» і іншыя… Вайна і стала самым вялікім знакам бяды!

Давайце прачытаем упершыню ці перачытаем яшчэ раз бессмяротныя творы айчыннай класікі пра вайну. Вельмі хочацца, каб гэтыя творы былі ва ўсіх школьных бібліятэках, на самых бачных месцах, каб палымяныя словы пра Вялікую Айчынную часцей перавыдаваліся, каб гэтыя творы абавязкова прысутнічалі ў сямейных бібліятэках, актыўна абмяркоўваліся ў навучальных установах.
Як бачым, у роднай прозе, паэзіі, драматургіі ваенная тэма надзвычай актуальная для аўтараў розных пакаленняў. Упэўнены: такія бессмяротныя творы абавязкова знойдуць мільёны новых чытачоў.

Яны будуць дапамагаць ужо мірным пакаленням змагацца на гібрыдных войнах з рознага кшталту ворагамі, хлуснёй, ашуканствам.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: