22 лютага, з нагоды Дня роднай мовы, гімназія імя Я.Купалы гасцінна адчыніла дзверы для ўдзельнікаў і гасцей адкрытага конкурсу творчых і даследчых работ вучняў «Купалаўскія чытанні-2025».
Вось ужо чатырнаццаць гадоў на Мазыршчыне праводзіцца гэта значнае культурна-асветніцкае мерапрыемства – свята аматараў беларускай мовы. Конкурс накіраваны на выхаванне ў маладога пакалення нацыянальнай свядомасці і патрыятызму, далучэнне навучэнцаў да даследчай дзейнасці, павышэнне іх цікавасці да беларускай мовы, культурнай спадчыны свайго народа, гісторыі культуры роднай краіны, развіццё інтэлектуальнай і мастацкай творчасці.
У цырымоніі адкрыцця Купалаўскіх чытанняў прынялі ўдзел дырэктар Мазырскага раённага вучэбна-метадычнага цэнтра Марына Старыкава, член Саюза пісьменнікаў, журналіст газеты «Жыццё Палесся» Наталля Канопліч. Таксама ўдзельнікам конкурсу былі прадстаўлены пачэсныя госці, якія ўвайшлі ў склад кампетэнтнага журы: дырэктар Мазырскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя А.С. Пушкіна Наталля Будкоўская, метадыст Мазырскага раённага вучэбна-метадычнага цэнтра Алеся Юдзіна, выкладчык Мазырскай дзіцячай школы мастацтваў №1 Ірына Засінец, а таксама ветэраны педагагічнай працы. Кожны з пачэсных гасцей пажадаў удзельнікам Купалаўскіх чытанняў, а таксама іх кіраўнікам і бацькам добрага настрою і перамог.
У чытаннях паўдзельнічала звыш 700 вучняў з 16 раёнаў Гомельскай вобласці. Дыпломамі рознай вартасці былі ўзнагароджаны больш за 300 канкурсантаў.
У традыцыйнай секцыі «Духоўная спадчына» навучэнцы выступілі з вучэбна-даследчымі работамі па беларускай мове, літаратуры, краязнаўстве і этнаграфіі.
Асаблівай папулярнасцю ў навучэнцаў і іх настаўнікаў карыстаюцца секцыі «Святыня народа» (конкурс чытальнікаў вершаў ці празаічных урыўкаў з твораў беларускіх пісьменнікаў і паэтаў-юбіляраў 2025 года), «Буктрэйлеры» (вучнёўскія рэкламныя відэаролікі па беларускіх народных і літаратурных казках), «Мой творчы радок» (конкурс вучнёўскіх вершаў, сачыненняў, апавяданняў, эсэ). Вершаваныя і празаічныя творы вучняў сёлета былі прысвечаны тэме «Якім я бачу свой горад (населены пункт) у будучыні», прымеркаванай да Года якасці ў Беларусі. Па выніках работы секцыі «Мой творчы радок» традыцыйна будзе выдадзены зборнік лепшых літаратурных твораў канкурсантаў.
Трэці год запар на конкурсе мае месца секцыя «Творчая майстэрня». У гэтым годзе ў ёй былі прадстаўлены творчыя работы па творах Янкі Купалы, выкананыя ў розных відах дэкаратыўна-прыкладной творчасці традыцыйнага і сучаснага напрамкаў: пано, інсталяцыя, мадэляванне, ткацтва, вышыўка, разьбярства і інш.
Конкурс «Купалаўскія чытанні» развіваецца: пашыраецца яго геаграфія, з’яўляюцца новыя секцыі, павялічваецца колькасць удзельнікаў. Сёлета члены журы на секцыі «Песенная спадчына» атрымалі асалоду ад конкурсных выкананняў песень, у якіх адлюстроўваюцца ідэі якасці, поспеху і дабрабыту, або песень на словы Рыгора Барадуліна, на вершы беларускіх класікаў – Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Багдановіча.
Тэматыка мастацкіх работ навучэнцаў, як і літаратурных, кожны год мяняецца. Фае гімназіі сёлета ўпрыгожылі конкурсныя работы да секцыі малюнкаў на тэму «Казка – у жыцці падказка». Мастацкія работы дыпламантаў аздобяць старонкі зборніка па выніках секцыі «Мой творчы радок».
У секцыі «Інтэлектуальная» (спаборніцтвы па тэме «Пад сцягам Перамогі»: паводле гістарычных звестак, Вялікая Айчынная вайна ў творах беларускіх пісьменнікаў) прыняло ўдзел дзевяць каманд, тры з якіх атрымалі дыпломы рознай вартасці.
Вучні гімназіі для канкурсантаў, іх бацькоў і настаўнікаў у музеі «Янка Купала і гімназія яго імя» правялі цікавыя экскурсіі. Конкурс «Купалаўскія чытанні» прайшоў, як заўсёды, вельмі ярка, з запрашэннем навукоўцаў і пісьменнікаў, выкладчыкаў МДПУ імя І.Шамякіна і ўсіх аматараў беларускай мовы.
Наталля КАНОПЛІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
гімназіі імя Я.Купалы.
Фота Наталлі КАНДРУСЕВІЧ.