Мазырскі драматычны тэатр гасцінна прыняў удзельнікаў конкурсу чытальнікаў «У гонар класіка Івана Мележа»

74

Кожны год тэатр адзначае дату народзін народнага пісьменніка. Сёлета ўрачыстасці адбыліся ў форме творчага конкурсу ў гонар пісьменніка, імя якого больш за 30 гадоў з гонарам носіць Мазырскі тэатр.

Іван Мележ – самы вядомы паляшук, празаік, драматург і публіцыст. Ён быў цесна звязаны з Мазыром і мазырскім Палессем.

«Рэчыца, Васілевічы, Мазыр – для меня не проста назвы паселішчаў, а як бы жывыя істоты, таварышы маладосці», – пісаў ён.

Іван Паўлавіч шчыра любіў непаўторны куток беларускай зямлі і не раз з задавальненнем прыязджаў сюды, будучы ўжо вядомым беларускім літаратарам. Першыя мастацкія творы Івана Мележа, пераважна вершы, былі апублікаваны ў мазырскай абласной газеце «Бальшавік Палесся» – так раней называлася газета «Жыццё Палесся».

Напачатку конкурсу для ўсіх удзельнікаў быў праведзены майстар-клас па чытанню вершаў і прозы ад акцёраў тэатра Валянціны Рослікавай і Наталлі Скамарохавай. Пад кіраўніцтвам майстроў сцэны юныя чытальнікі выканалі практыкаванні па развіццю артыкуляцыйнага апарата і атрымалі зарад пазітыўнай энергіі і добрага настрою.
Моладзь з гонарам ушанавала памяць вялікага пісьменніка. 20 юнакоў і дзяўчат са школ Мазыра і раёна, з педагагічнага ўніверсітэта і абласнога ліцэя прачыталі на памяць урыўкі з твораў пісьменніка, стараючыся сэрцам перадаць эмоцыі і перажыванні лірычных герояў. Яны настолькі глыбока прачулі творы, што, здавалася, мы ўсе разам пераносімся ў час, пра які пісаў творца нашай зямлі. Кожнае слова, жэст, погляд канкурсантаў перадаваў не проста сэнс, а і душу, якой аўтар напоўніў свае кранальныя радкі.

Асабліва запомніліся моманты, калі музыка ўзмацняла выступленне, робячы яго яшчэ больш яркім і незабыўным.

Вечар у тэатры не абмяжоўваўся толькі конкурсам. У час, калі журы абмяркоўвала вынікі, удзельнікаў запрасілі на цікавую экскурсію па тэатры, якую правяла артыстка драмы Ларыса Верасовіч. Затым на сцэне адбыўся цуд і ажылі любімыя казачныя пушкінскія героі, якіх яскрава сыгралі Аляксандр Фяськоў і Марыя Сушкова. Гэта стала шыкоўным падарункам усім прыхільнікам тэатральнага мастацтва.

На цырымоніі ўзнагароджвання старшыня журы конкурсу, рэжысер-пастаноўшчык тэатра Святлана Джэліева падкрэсліла, што хоць і не ўсім удзельнікам удалося вытрымаць напружанне на сцэне, але яны ўжо пераможцы, таму што асмеліліся пераступіць парог тэатра і падняцца на прафесійную сцэну. Член журы, акцер Міхаіл Кліменка выказаў не толькі словы падзякі навучэнцам за тое, што яны адгукнуліся на запрашэнне паўдзельнічаць у конкурсе, але і свой гонар за нашу таленавітую моладзь.
Граматы Мазырскага драматычнага тэатра імя Івана Мележа і грашовыя сертыфікаты ад Мазырскай раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» адпаведна атрымалі: 1 месца – Сафія Болдырава (СШ № 9), 2-е – Ульяна Цімашэнка (СШ № 13) і Анастасія Шэцко (Мазырскі абласны ліцэй), 3-е – Анастасія Ком (СШ № 16) і Ягор Місевіч (СШ № 11).

Граматы і сувеніры ад Гомельскага абласнога аддзялення рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Рускае грамадства» атрымалі ў намінацыях: «За ўшанаванне памяці пра Вялікую Перамогу» – Марыя Сіўчук (СШ № 11), «Лепшае чытанне лірычнага твора» – Дарья Якаўлева (МГПУ імя І. П. Шамякіна) і «За артыстызм» – Віялета Кляшчова (СШ № 12). Астатнія ўдзельнікі конкурсу атрымалі салодкія падарункі ад «Белай Русі».
Творчы конкурс стаў сапраўдным святам для душы і напамінам пра тое, што беларуская класіка жывая, прыгожая і натхняючая, а творы Івана Мележа – магутны пасыл нацыянальнай годнасці, любові да Беларусі і гонару за сваіх людзей, які мы адчуваем праз многія дзесяцігоддзі.

Адміністрацыя тэатра выражае сардэчную ўдзячнасць старшыні Мазырскай раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Віталю Шылаву і старшыні Гомельскага абласнога аддзялення рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Рускае грамадства» Алене Шацько за дапамогу ў праведзенні мастацкага спаборніцтва на высокім узроўні.

Валерыя ПІКУН, член клуба «Юны журналіст»
Мазырскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі
Фота Аляксандра САЛАДКОВА


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: