Уладзімір Караткевіч: «Кожны чалавек носіць сваё неба з сабой»

1909

Да юбілею аднаго з самых знакамітых беларускіх празаікаў.

Мне пашчасціла ў сваім жыцці сустрэцца з гэтым легендарным Чалавекам у 1982 г. на чытацкай канферэнцыі ў Мінску. Уражанні незабыўныя: я і сёння помню, як яго добрыя вочы вельмі хутка тады сярод людзей ператварыліся ў два маленькія сонейкі і сагравалі прысутных на працягу ўсёй сустрэчы. А як жа інакш: ён не толькі выйшаў з самой гушчы народа, але і заставаўся з гэтым народам разам заўсёды. Беларускасць для яго была найвышэйшай малітвай, а народнасць – найвышэйшай пробай.

26 лістапада 2020 г. знакамітаму празаіку, публіцысту, паэту, перакладчыку, драматургу, сцэнарысту, самаму папулярнаму класіку айчыннай літаратуры Уладзіміру Сямёнавічу Караткевічу споўнілася б 90 гадоў. Ён сапраўдны Майстра: яго ведае ўся Беларусь – у вялікіх гарадах і маленькіх вёсачках. Няма наогул ніводнай бібліятэкі, тэатра, культурнай установы, дзе б яго імя ніколі не ўзгадвалася. А для многіх беларусаў менавіта Уладзімір Сямёнавіч на ўсё жыццё стаў любімым пісьменнікам. Караткевіч – адна з найбольш вядомых постацей у беларускай літаратуры як другой паловы XX ст., так і ХХІ ст. Гэта першы пісьменнік Бацькаўшчыны, які звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыва. Пісьменнік любіў шмат падарожнічаць – з сябрамі і жонкай, у складзе здымачных груп і навуковых экспедыцый ён наведаў шмат рэгіёнаў Беларусі. І не проста наведаў, а размаўляў з беларусамі, і па гарачых слядах нараджаліся творы. Усё жыццё ён быў верны свайму ж выказванню: «Вечна тваім застанецца толькі тое, што ты аддаў».

Мне захацелася здзейсніць літаратурна-віртуальнае падарожжа па мясцінах, якія цесна звязаны з яго імем, дзе ўвекавечана памяць вялікага беларуса. Назва яго папулярнага нарыса «Зямля пад белымі крыламі» даўно стала крылатым выразам. Надзвычай скрупулёзна распавёў Караткевіч пра Беларусь, яе культуру, мову, літаратуру, фальклор і прыроду ў гэтым нарысе, дзе ён здолеў ахапіць беларускую гісторыю ад старажытнасці да 1970-х гг., закрануўшы найбольш важныя падзеі, такія як гісторыя Вялікага Княства Літоўскага, Грунвальдская бітва 1410 г., Люблінская унія 1569 г., іншыя істотныя моманты з гісторыі Беларусі. Майстра сцвярджаў: «Хто не памятае мінулага, хто забывае мінулае – асуджаны зноў перажыць яго».

Малая радзіма Караткевіча – Орша. Яго бацька Сямён Цімафеевіч скончыў гарадское вучылішча ў Оршы, працаваў інспектарам па бюджэце ў Аршанскім фінансавым аддзеле. Маці Надзея Васільеўна, з роду Грынкевічаў, пасля заканчэння Марыінскай гімназіі ў Магілёве некаторы час працавала настаўніцай у сельскай школе пад Рагачовам. Вялікі ўплыў на пісьменніка аказаў дзед Васіль Юллянавіч Грынкевіч, чалавек з багатым вопытам, які быў дасціпным апавядальнікам. Ад яго ўнук пачуў шмат казак і паданняў, пераняў любоў да прыроды-матухны.

Пісьменнік потым скажа: «Народная творчасць наогул, а беларуская… увасобку – гэта мора, якое хавае ў сабе незлічоныя скарбы. Трэба толькі ўмець гэтыя скарбы дастаць». І ён усё жыццё даставаў, выязджаючы і выходзячы ў народ!А дзед стане прататыпам Данілы Загорскага-Вежы ў рамане «Каласы пад сярпом тваім». Ад дзеда Уладзімір пачуў і легенду «Маці Ветру» пра падзеі Крычаўскага паўстання 1743-1744 гг.

У 1938 г. Уладзімір пайшоў у школу ў Оршы. Да пачатку вайны паспеў скончыць 3 класы. У пасляваенны час аршанскі школьнік Караткевіч змясціў на старонках рукапіснага часопіса «Званочак» некалькі сваіх вершаў, а таксама прыгодніцкую аповесць «Загадка Неферціці». Яшчэ ў восьмым класе ён ужо амаль цалкам напісаў першы варыянт п’есы «Млын на Сініх Вірах».

Улетку 1950 г. у Оршы, пасля першага курса філалагічнага факультэта Кіеўскага ўніверсітэта, Караткевічам быў створаны першы варыянт знакамітай аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха». На радзіме ў аршанскай раёнцы ў 1951 г. былі надрукаваны два вершы Уладзіміра Караткевіча: «Тут будзе канал» і «Якубу Коласу». Летам 1952 г. пад уражаннем паездкі ў Вязынку быў напісаны нарыс «Вязынка», які разам з пісьмом Караткевіч даслаў жонцы Янкі Купалы Уладзіславе Луцэвіч.

Працяглы час яму давялося жыць у Мінску. У пачатку 1963 г. Караткевіч атрымаў там аднапакаёвую кватэру на вул. Чарнышэўскага. Праз некаторы час з Оршы ў Мінск да яго пераехала маці. Увесну 1967 г. яны ўдваіх атрымалі кватэру на вул. Веры Харужай. У тым жа годзе, увосень, на канферэнцыі па рамане «Каласы пад сярпом тваім» у Брэсце, Уладзімір пазнаёміўся з выкладчыцай Брэсцкага педагагічнага інстытута Валянцінай Нікіцінай, з якой 19 лютага 1971 г. ён ажаніўся.

У 1966 г. Караткевiч напiсаў раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», назва якога звязана з гэтым каралеўскім горадам, а сюжэт заснаваны на рэальных падзеях. Штуршком для напісання паслужыў запіс з «Хронікі…» Мацея Стрыйкоўскага пра тое, што ў XVI ст., напачатку княжання Жыгімонта I, з’явіўся чалавек, які называў сябе Хрыстом.

У 1958 г. ён напісаў сатырычна-гумарыстычную аповесць «Цыганскі кароль», пры напісанні якой быў выкарыстаны факт існавання на Гарадзеншчыне ў канцы XVIII ст. цыганскага «каралеўства». Радасцю жыцця напоўнена яго апавяданне «Дрэва вечнасці», асабліва месцы, прысвечаныя Палессю, якое пісьменнік палюбіў, і палешукам. У апавяданні пісьменнік выказаў зачараванне палескімі краявідамі і веліччу палескіх песень. Продкі Караткевіча паходзілі з беларускага Падняпроўя, з Рагачова, Мсціслава, Магілёва. Адзін са сваякоў пісьменніка па матчынай лініі Тамаш Грыневіч браў удзел у паўстанні 1863-1864 гг. Паўстанцы пад яго камандаваннем былі разбіты, а Тамаша расстралялі ў Рагачове. Пра гэта апісана ў эпілогу аповесці «Перадгісторыя» і ў пралогу рамана «Нельга забыць».

Напрыпачатку чэрвеня 1983 г. Караткевіч паехаў у Оршу, у бацькоўскі дом да пляменніцы. У Мінск вярнуўся ў пачатку снежня. Незадоўга да смерці ён наведаў дарагія сэрцу мясціны. З’ездзіў у Рагачоў. 12 ліпеня 1984 г. з сябрамі, фотакарэспандэнтам Валянцінам Ждановічам і мастаком Пятром Драчовым, адправіўся ў паход па Прыпяці, дзе яму стала дрэнна, і ён 20 ліпеня вярнуўся ў Мінск. Пахаваны класік на Усходніх могілках у Мінску.

Караткевіч прафесійна вывучаў гісторыю паўстання 1863-1864 гг., што паслужыла асновай для апавяданняў «Паляшук», «Сіняя-сіняя», рамана «Каласы пад сярпом тваім», драмы «Кастусь Каліноўскі». У гісторыка-дэтэктыўнай аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» пісьменнік адлюстраваў падзеі 1880-х гг. у адным з глухіх куткоў Беларусі. У рамантычнай аповесці «Сівая легенда» праз карціны сялянскага паўстання на Магілёўшчыне ў першай палове XVII ст. аўтар асэнсоўвае лёс Бацькаўшчыны.

Адным з найбольш значных для беларускай літаратуры твораў з’яўляецца раман «Каласы пад сярпом тваім», які многія называюць галоўным у яго творчасці. Падзеі рамана адбываюцца пераважна ў 1850-1861 гг., тым не менш пісьменніку ўдалося пры дапамозе ўласных разважанняў і выказванняў герояў ахапіць падзеі амаль цэлага стагоддзя і асэнсаваць лёс Беларусі ў гістарычным кантэксце.

Глыбокімі разважаннямі над сэнсам жыцця і лёсам роднай зямлі насычана аповесць «Ладдзя Роспачы», дзе сімвалічная Ладдзя Роспачы – сама Беларусь, якая пераадольвае змрок забыцця і непрытомнасці, уваскрашаецца і адраджаецца. Трагедыя і веліч нацыянальнай гісторыі ім асэнсаваны ў п’есах «Кастусь Каліноўскі», «Званы Віцебска», «Маці ветру».
Імя Караткевіча носіць бібліятэка № 14 у Віцебску, бібліятэка ў Наваполацку, дзіцячая бібліятэка ў Оршы, дзе з 2000 г. працуе музей пісьменніка. Матэрыялы пра яго жыццё і творчасць экспануюцца ў Рагачоўскім музеі народнай славы, Віцебскім краязнаўчым музеі.

У 1994 г. ў Віцебску ўсталяваны помнік Караткевічу. Помнік ў Оршы адкрыты быў 27 чэрвеня 1992 г. да 925-годдзя Оршы. Першапачаткова помнік размяшчаўся на месцы згарэлага ў вайну дома, у які сям’я Караткевіча засялілася ў  1939 г., але пазней помнік быў перанесены ў цэнтральны парк Оршы. На дамах у Оршы, дзе Караткевіч жыў у канцы 1950-х, і ў Мінску, дзе была яго кватэра, усталяваныя памятныя дошкі. Ёсць яна і на будынку школы № 8 у Оршы, у якой Караткевіч працаваў у 1956-1958 гг. Імем Уладзіміра Караткевіча названы вуліцы ў Астраўцы, Віцебску, Гродне, Рагачове, Століне, Оршы. Імя Караткевіча носіць Фонд дапамогі маладым пісьменнікам, прэмія выдавецтва «Мастацкая літаратура».

Чаму яго кнігі папулярныя і ў ХХІ стагоддзі? Аўтар быў верны свайму крытэрыю: «Кожную кнігу трэба пісаць так, нібы гэта твая лепшая і апошняя». Давайце чытаць і перачытваць бессмяротныя творы Майстра!

Канстанцін Карнялюк.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: