81 год аддзяляе нас ад пачатку Вялікай Айчыннай вайны, якая стала для ўсяго савецкага народа, у тым ліку і беларускага, суровым выпрабаваннем
Напярэдадні вайны мой бацька, Сцяпан Антонавіч Целеш, у Мазырскім ваенкамаце навучаў маладых салдат страявой падрыхтоўцы, а калі пачалася вайна, у ліпені 1941-га быў адпраўлены на фронт. Маці, Надзея Іванаўна, расказвала, што перад адпраўкай ён доўга трымаў мяне, немаўля, на руках, плакаў, нібы адчуваў, што болей не ўбачыць. Так і атрымалася…
Я крыху памятаю 1945 год, калі маці плакала, атрымаўшы паведамленне, што яе муж Сцяпан прапаў без вестак. Таму невядома, як ён загінуў і дзе пахаваны. Маці адной давялося гадаваць, выхоўваць і падымаць на ногі траіх дзяцей.
У баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ўдзельнічалі воіны ўсіх нацыянальнасцей, у тым ліку і малдаване. Як вінаградныя лозы, з тых даўніх часоў перапляліся лёсы беларускага і малдаўскага народаў. Летапісныя звесткі сведчаць, што яшчэ ў канцы XIV стагоддзя князь Юрый, сын наваградскага князя Карыята, быў запрошаны на пасад гаспадара Малдовы. У 1399 годзе ў бітве войскаў Вялікага княства Літоўскага з войскам татарскай Залатой Арды на баку продкаў беларусаў храбра змагаліся і малдаване. У 1410 годзе, падчас Грунвальдскай бітвы, малдаўскія сечкары пад кіраўніцтвам чэшскага нацыянальнага героя Яна Жыжкі праявілі адвагу ў барацьбе супраць нямецкіх крыжакоў. У часы Вялікай Айчыннай вайны народам Малдовы і Беларусі таксама давялося змагацца побач з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. І гэта ўмацавала дружбу двух народаў. Ураджэнец Малдовы, наводчык станкавага кулямёта яфрэйтар Сяргей Балгарын вызначыўся ў баях за Віцебскую і Гродзенскую вобласці, за што яму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Яго імя носяць вуліцы ў гарадах Гродна і Ліда, а ў в. Парачаны Лідскага раёна, непадалёку ад якой ён здзейсніў свой подзвіг, у яго гонар узведзена стэла. Герой Савецкага Саюза малдаванін Іон Солтыс удзельнічаў у вызваленні Беларусі, Малдовы і Украіны. У адным з баёў ён закрыў сваім целам амбразуру варожага дзота… У Партызанскім раёне г. Мінска 6 мая 2021 года адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка Іону Солтысу. Ініцыятарам гэтага стаў Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Малдовы ў Беларусі Віктар Сарачан. У Мінску адна з вуліц зараз носіць імя І. Солтыса. Вялікі ўклад у вызваленне Малдовы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў унеслі і беларусы – Герой Савецкага Саюза Дзмітрый Жмуроўскі (ураджэнец Клімавіцкага раёна), генерал-лейтэнант Віктар Тоўсты (ураджэнец Дзяржынскага раёна), Пачэсны грамадзянін Рэспублікі Малдова старшы лейтэнант Уладзімір Вайцэховіч (ураджэнец Пухавіцкага раёна) і шмат іншых беларусаў.
Знаходзячыся на пасадзе пасла Рэспублікі Малдовы ў Рэспубліцы Беларусь, Віктар Сарачан вялікую ўвагу накіраваў захаванню памяці малдаван і беларусаў, якія палеглі ў баях за вызваленне Беларусі. Пры дапамозе мясцовых улад ім было вызначана амаль 20 населеных пунктаў Беларусі, дзе ў брацкіх магілах знайшлі вечны супакой воіны Малдовы разам з беларусамі і байцамі іншых нацыянальнасцей.
8 мая 2021 года пасольствам Малдовы была арганізавана паездка на брацкія магілы некаторых населеных пунктаў Беларусі, дзе пахаваны малдаване. У гэтым мерапрыемстве прыняў удзел і я, як сын загінуўшага воіна. У склад дэлегацыі ўваходзілі прадстаўнікі малдаўскай дыяспары, апранутыя ў нацыянальныя строі, а я – у беларускае адзенне. Сёлета напярэдадні Дня Перамогі па ініцыятыве і з удзелам Віктара Сарачана была здзейснена новая паездка па мясцінах, звязаных з подзвігамі малдаван, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Беларусі. Напачатку мы наведалі помнік Герою Савецкага Саюза Іону Солтысу і ўсклалі кветкі і вянкі да падножжа. Тут нас сустракалі вучні мясцовай школы, якая носіць імя героя. Затым наш шлях пралягаў да вёскі Парачаны Лідскага раёна, дзе былі ўскладзены вянкі да стэлы Героя Савецкага Саюза Сяргея Балгарына.
У гарадскім пасёлку Рось Ваўкавыскага раёна мы аддалі дань памяці і пашаны ўсім пахаваным у брацкай магіле воінам, якія вызвалялі Беларусь. Сярод іх – і жыхар Малдовы Мікалай Фельдман. Святары мясцовай царквы правялі набажэнства. Завяршылася вандроўка каля манумента воінам, загінуўшым у мікрараёне Масюкоўшчына г. Мінска. За дзень мы праехалі больш за 600 кіламетраў і позна вечарам вярнуліся ў Мінск. Для мяне гэта было важна і дзеля ўшанавання памяці бацькі-франтавіка. Вялікі дзякуй арганізатарам мерапрыемства, асабіста Віктару Сарачану, за вялікі ўклад ва ўмацаванне дружбы паміж малдаўскім і беларускім народамі, што падкрэслівае і прыказка «Дружба не мае адлегласцей».
Лявон ЦЕЛЕШ, пазаштатны аўтар.