
Сакавіцкай раніцай 1920 года жыхары Мазыра пачулі артылерыйскія залпы, трэск кулямётаў і частыя вiнтовачныя выстралы. Было зразумела: на гарадок нечакана наляцелі буйныя часцi белапалякаў. Чырвоныя адступалі.
Станаўленне чырвонаармейца
Нарадзіўся Мікалай Сцяпанавіч у 1892 годзе ў сям’і прыказчыка харкаўскіх магазінаў і праз шэсць год застаўся без бацькі. Паколькі ў сям’і склалася цяжкае становішча, 11-гадовы хлопчык Коля вымушаны быў ісці шукаць свой кусок хлеба. Цяжкае дзяцінства, работа па 16 гадзін у суткі не зламалі юнака, а прывучылі яго быць больш уважлівым да жыцця, лепш разбірацца ў падзеях. Гэтаму дапамагла і вялікая прага да ведаў. Увесь вольны час ён аддаваў чытанню кніг. Юнака ў хуткім часе прыкмецілі старэйшыя таварышы – удзельнікі рэвалюцыйнай барацьбы. Яны знаёмілі яго з бальшавіцкай літаратурай, вучылі адстойваць інтарэсы рабочых. Чатырнаццацігадовым хлапчуком Данілеўскі пачаў рэвалюцыйную дзейнасць, а ў 18 год ужо быў адным з актыўных членаў харкаўскай групы РСДРП(б).
Работа ў прафсаюзах, кіраўніцтва легальнымі арганізацыямі партыі, падрыхтоўка да забастовак, нелегальная работа сярод салдат – вось тая дзейнасць, якую вёў Мікалай Сцяпанавіч. Турмы, катарга толькі загартавалі характар і волю Мікалая. Лютаўская рэвалюцыя вызваліла Данілеўскага з Халоднагорскай турмы, і ён з першых жа дзён пачаў працаваць над арганізацыяй і згуртаваннем сіл партыі. Неўзабаве яго выбралі членам першага легальнага Харкаўскага камітэта бальшавікоў.
Вызваленне Мазыршчыны
Напачатку верасня 1919 года ў жорсткіх баях с дзянікінцамі фарміруецца пластунская брыгада 47-й стралковай дывізіі. Камісарам першага палка гэтай дывізіі назначаецца член Харкаўскага камітэта РКП(б) Данілеўскі. У лістападзе гэтага ж года ён назначаецца камісарам Гомельскай крэпасной брыгады, якая складалася з чырвонаармейцаў гарнізона і жыхароў Гомельскай губерніі. У пачатку 1920 года брыгада стала называцца 139-й стралковай брыгадай 47-й стралковай дывізіі.
Неўзабаве дывізію перакідваюць у раён Оўруч–Корасцень, каб забяспечыць магчымасць актыўных дзеянняў у паўночным напрамку і падтрымаць войскі мазырскага баявога ўчастка. З гэтага моманту пачынаецца найбольш гераічны перыяд баявой дзейнасці Данілеўскага.
Ужо 12 студзеня 415-ы і 417-ы палкі 139-й стралковай брыгады ўступілі ў бой з белапалякамі і бандамі кулакоў. А яшчэ праз два дні быў сарваны наступ буйных сіл белапалякаў на Мазыр з раёна Махнавіч. Але белапольскае камандаванне прадпрыняла раптоўны ўдар, напэўна разлічваючы, што камісар і начальнік участка яшчэ не змаглі ўнікнуць у становішча і не змогуць арганізаваць належнага супраціўлення.
Сапраўды, становішча для нашых войск было вельмі цяжкім. Камандзіра брыгады зваліў сыпны тыф. Увесь цяжар арганізацыі адпору ворагу лёг на плечы Данілеўскага і начальніка штаба брыгады Б. Тамаціна.
Белапалякі захапілі рад населеных пунктаў. У іх руках аказаліся Гарадзішча і Скрыгалаў. Нашы войскі былі адцеснены з раёна Махнавіч і Мялешкавіч да вёскі Матрункі. Стварылася рэальная пагроза Мазыру і чыгуначнай лініі Оўруч–Калінкавічы.
Камісар Данілеўскі, абапіраючыся на дапамогу мясцовых партыйных і савецкіх органаў, тэрмінова фарміраваў новыя падраздзяленні. З Мазыра, Калінкавіч, Рэчыцы, Гомеля накіроўваліся атрады рабочых, камуністаў, савецкіх работнікаў. Актыўна ішло фарміраванне ў тыле ворага партызанскіх атрадаў. Пачаў дзейнічаць Скрыгалаўскі партызанскі атрад. Мацнелі ўдары атрада рудабельскіх партызан. Супраць наступаючых белапалякаў былі накіраваны два бронецягнікі. З караблёў Дняпроўскай ваеннай флатыліі, якія зімавалі на Прыпяці, знялі гарматы і накіравалі на баявыя пазіцыі на захад ад Мазыра. Войскі праціўніка панеслі вялікія страты.
На 27 студзеня 1920 года белапалякі былі выбіты з Майсееўкі, Слабады, Мялешкавіч, Рэмязоў. У гэтых баях сур’ёзнай праверцы былі падвергнуты не толькі маральна-палітычныя якасці камісара Данілеўскага, але і з усёй паўнатой праявіўся яго камандзірскі, ваенны талент, дыпламатычныя здольнасці. Немагчыма ў газетным артыкуле адлюстраваць усе тыя цяжкасці, якія леглі на плечы камісара. Прыходзілася ў неверагодна нялёгкіх умовах палескага бездарожжа і балотных трушчоб аб’язджаць часці брыгады, наладжваць партыйна-палітычную работу, праяўляць клопат аб людзях у акопах і на заставах, натхняць байцоў палымяным словам і асабістым прыкладам.
7 лютага белапалякі зноў распачалі наступ на Мазыр. Захапіўшы рад населеных пунктаў, яны адцяснілі нашы часці да вёскі Прудок. Камандзір, камісар і начальнік штаба брыгады неадкладна прыбылі на перадавыя пазіцыі і сталі на чале часцей. Чырвонаармейцы не раз бачылі камісара Данілеўскага на самых небяспечных участках. Асабістым прыкладам, бальшавіцкім заклікам ён падымаў байцоў у контратакі. Вялікімі намаганнямі камісара і камандзіра брыгады часці былі прыведзены ў парадак і да вечара 8 лютага падрыхтаваліся да контрнаступлення, у выніку якога ад белапалякаў былі вызвалены Майсееўка, Слабада, Зімовішчы і Раманаўка. Праз тыдзень упартыя баі разгарнуліся за Скрыгалаў. Некалькі разоў вёска пераходзіла з рук у рукі. Камандзір брыгады Калінін і камісар Данілеўскі біліся з ворагам нярэдка ў акружэнні, рызыкуючы сваім жыццём.
Але праціўнік, нягледзячы на вялікія страты, не паслабляў націску. Супраць абяскроўленых чырвонаармейскіх батальёнаў белапольскае камандаванне кінула новыя сілы, у тым ліку марскі батальён. Дастаткова сказаць, што на ўсім фронце ад Парыч да Оўруча 139-я брыгада мела ўсяго 1720 чалавек, а белапалякі наступалі сіламі ў 7300 штыкоў і 1300 шабляў. На зыходзе сутак 23 лютага нашы часці зноў былі вымушаны адступіць да вёскі Прудок, пакінуўшы Касцюковічы, Майсееўку і Слабаду. Становішча ўскладнялася яшчэ і тым, што праціўнік прарваўся да Мазыра.
Аднак і на гэты раз белапалякі не дасягнулі запаветнай мэты. Ім не ўдалося захапіць Мазыр і Калінкавічы. З Гомеля, узнятыя па баявой трывозе, прыбылі маракі Дняпроўскай ваеннай флатыліі.
Бітва за горад
Канец лютага і пачатак сакавіка праходзілі ў жорсткіх крывяпралітных баях. Сілы 139-й брыгады таялі ўвачавідкі. Вялікія страты наносіў тыф. Для белапалякаў не было тайнай выключна цяжкае становішча часцей 139-й брыгады. Але, нягледзячы на гэта, усе атакі праціўніка былі адбіты. I белапалякі некалькі змянілі тактыку: пад покрывам цемры яны накіраваліся ў абход Мазыра. Удар быў настолькі нечаканым, што чырвонаармейцы, не паспеўшы сабраць штабныя дакументы, адступілі на левы бераг Прыпяці. Легіянеры святкавалі перамогу. Але раптам з двухпавярховага будынку мазырскага павятовага ваеннага начальніка, дзе размяшчаўся штаб брыгады, пачалі раздавацца частыя прыцэльныя стрэлы. Палякі некалькі разоў спрабавалі штурмам узяць будынак, але зноў і зноў адступалі.
Толькі вечарам легіянеры ўварваліся ў штаб. Невялікі гарнізон аказаў супраціўленне, але вымушаны быў адыйсці. Данілеўскі вырашыў застацца, каб паспець знішчыць штабныя дакументы, хаця добра разумеў, што за гэта прыдзецца паплаціцца ўласным жыццём. Яму ўзяліся дапамагчы некалькі камуністаў, імёны якіх засталіся невядомымі. Больш дзесяці гадзін адстрэльваліся камісар і чырвонаармейцы. Яны забілі 40 варожых салдат і афіцэраў, спалілі ўсе дакументы, а апошнія кулі пусцілі ў сябе. Так, змагаючыся да апошняга патрона, загінуў адважны сын Кастрычніка.
З ліста Ціты Якаўлеўны Дамброўскай, якой у 1920 годзе было ўсяго 12 гадоў: «Штаб вайсковай часці Чырвонай Арміі знаходзіўся на вул. Ленінскай, 46 (дзе пасля размяшчаўся ваенкамат). Я жыла ў двары гэтага дома, мне было тады 12 гадоў. Нечакана з боку вёскі Бабры ў горад уварваліся белапалякі і, атачыўшы дом, сталі абстрэльваць штаб. Данілеўскі крыкнуў жонцы Веры: «Страляйся, не здавайся жывой!». Прагучаў стрэл, потым яшчэ адзін. Аднак Вера была яшчэ жывая, калі белапалякі схапілі яе і пачалі сцягваць скураное абмундзіраванне. Затым іх ў адной ніжняй бялізне кінулі ў двары штаба. Я іх накрыла коўдрай. Праз пару дзён белапалякі адвезлі іх на Свідаўку і закапалі ў роў. А калі прыйшлі нашы, Данілеўскіх пахавалі на могілках з усімі ўшанаваннямі».
А вось з ліста сястры Данілеўскага, Ганны Сцяпанаўны Данілеўскай, становіцца вядома іншае: «На жаль, дакладна невядома, дзе і кім пахаваны мой брат. Былы сакратар гаркама КПБ тав. Дворак пісаў: «Пахаваны Мікалай Данілеўскі ў брацкай магіле на тэрыторыі былога гарадскога сада, цяпер – сквера стадыёна па вул. Фрунзэ. Гарсаветам вырашаецца пытанне аб збудаванні на брацкай магіле абеліска ўдзельнікам, якія загінулі ў Грамадзянскай вайне». Што да трупа жанчыны і дапушчэння, што гэта была забітая жонка Данілеўскага, то паведамляю, што жонка яго – Марыя Уладзіміраўна Данілеўская, член партыі з 1914 года. Выехала з Харкава ў красавіку 1918 года з атрадам і была на Цырыцынскім фронце. У Вялікую Айчынную вайну была на фронце. Памерла ў 1944 годзе ў Маскве».
Аднак што б ні было вядома сведкам тых падзей, зразумела, што чырвонаармейцы і маракі адпомсцілі ворагу за гібель любімага ваенкома. Ужо ў складзе 57-й стралковай дывізіі ў канцы чэрвеня 1920 года байцы брыгады ўдзельнічалі ў вызваленні Мазыра. Узаемадзейнічаючы з караблямі Дняпроўскай ваеннай флатыліі, часці Чырвонай Арміі нанеслі на Прыпяці сакрушальны ўдар па праціўніку, прымусіўшы яго паспешліва адступіць на захад.
Аўтар дзякуе за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу i за фотаздымкi супрацоўнікам Мазырскага аб’яднанага краязнаўчага музея і мазырскаму гісторыку, выкладчыку Таццяне Нікіцінай.
Вольга ЛАСУТА.